Shadow

ФЕСТЫВАЛЬ ПРАВАСЛАЎНАЙ КУЛЬТУРЫ ПРАЙШОЎ У ЛЮБАНІ

У гэтыя светлыя велікодныя дні, здаецца, усё вакол радуецца і ўслаўляе вялікую падзею, якая адлюстроўвае самую галоўную перамогу, якую нам прынёс Хрыстос – перамогу над грахом і смерцю.

Невыпадкова менавіта ў такі час у Любані па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і прыхода храма Праабражэння Гасподняга ладзіўся чарговы фестываль праваслаўнай культуры.

Па традыцыі на пачатку яго адслужаны малебен, у працяг якога адбыўся хрэсны ход: духавенства і вернікі са святынямі ў руках пад гукі званоў накіраваліся да цэнтральнай плошчы горада.

А там ужо разгарнулася сапраўдная святочная дзея з выставамі, майстар-класамі, канцэртнай праграмай. Але перш з Божым словам да прысутных звярнуўся благачынны Любанскай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Драгун. Ён падкрэсліў, што Вялікдзень – гэта свята свят, урачыстасць урачыстасцей, і ў гэтыя дні кожны павінен адчуць вялікую радасць.

– Фестываль ладзіцца напярэдадні знакавай даты – 80-годдзя Вялікай Перамогі, і так важна, каб мы захавалі мір у нашых душах, нашых сем’ях і на нашай зямлі, – зазначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Драбудзька і выказаў шчырыя пажаданні дабрабыту і шчасця любанчанам.

А пасля на працягу некалькіх гадзін не сціхала цудоўная музыка. Прыгожымі кампазіцыямі ўздымалі настрой не толькі творчыя калектывы Любаншчыны, а і суседніх раёнаў. Фестываль прайшоў у цёплай узнёслай атмасферы агульнай радасці ад вялікай хрысціянскай урачыстасці, усяліў у душы і сэрцы дзяцей і дарослых надзею.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *