Калі задацца пытаннем, каму мы ў гэтым жыцці павінны і ці павінны ўвогуле, думкі, магчыма, разыдуцца. Ва ўсякім разе ў прадстаўнікоў маладога пакалення і ў людзей сталых. Юныя, хутчэй за ўсё, упэўнены, што ўсе павінны ім, а вось сталыя ўладальнікі вопыту, які, як вядома, за плячыма не насіць, усё ж разумеюць, што ад жыцця немагчыма «браць усё», нічога пры гэтым не аддаючы. Мы павінны адказваць за свае ўчынкі, клапаціцца пра родных, несці адказнасць за сваю сям’ю. У адказе мы і перад Радзімай.
Вельмі часта зараз на старонках рэспубліканскага друку, ды і раённага, з’яўляюцца матэрыялы, дзе распавядаецца пра цудоўны догляд людзей сталага веку ў дамах для састарэлых, пра самаахвярнасць медыцынскага персаналу і пра тое, што ў казёных сценах можна нават знайсці сваё шчасце, сваю другую палову. Гэта, канечне, цудоўна. Але ў мяне ўзнікае пытанне: дзе падзеліся дзеці гэтых добрых бабуль і дзядуляў? Ёсць, канечне, выпадкі, калі няўмольны лёс распараджаецца не найлепшым чынам. Але гэта, хочацца спадзявацца, выключэнне. Ёсць і іншы ракурс праблемы, калі і бацькі ў нечым вінаватыя перад сваімі дзецьмі. Сацыяльнае сіроцтва таксама, на жаль, з’ява пастаянная. А так бы хацелася, каб усе сем’і былі шчаслівыя, як у класіка, шчаслівыя аднолькава.
Клірык храма Георгія Перамоганосца ў Нясвіжы іерэй Павел Фокін, актыўны ўдзельнік сумеснага праекта «Узыходжанне» бібліятэкі і Слуцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, упэўнены, што калі «шчаслівая сям’я – шчаслівая дзяржава». А для гэтага, па словах святара, мы павінны несці адказнасць за свае словы і дзеянні. Бацюшка прывёў да прыкладу традыцыю ўсходніх народаў у старажытныя часы, калі хлапчукі ўжо ў дванаццаць гадоў пры неабходнасці мелі права абараніць сваю годнасць і другога беспадстаўна стараліся не крыўдзіць. Святар прывёў факты і з навуковых даследаванняў, дзе паказана, што к дванаццаці гадам у чалавека «колькасць няйронаў павялічваецца і паміж імі ўстанаўліваюцца сувязі, шэрага рэчыва становіцца болей, кара галаўнога мозга патаўшчаецца. Па меры набыцця вопыту, новых ведаў і навыкаў пракладваецца мноства няйронных шляхоў». І таму, як упэўнены святар, дванаццацігадовыя хлопцы і дзяўчаты ўжо дакладна павінны ацэньваць карысць ад навучання, што, безумоўна, з’яўляецца іх першасным абавязкам.
– Сёння нашай краіне патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты ў розных сферах дзейнасці. Невуч нікому не патрэбен. І калі вас засмучае той факт, што многія веды, якія прапаноўвае школьная праграма, далёкія ад жыцця (напрыклад, рашэнне складаных ураўненняў па матэматыцы), вы павінны разумець, што калі вы іх рашаеце, то ваш мозг працуе, у ім узнікаюць новыя няйронныя шляхі, розум становіцца больш гнуткі. Трэба не забывацца і на іншыя прадметы. І сёння вы не можаце дакладна сказаць, што вам у жыцці спатрэбіцца найперш, – патлумачыў айцец Павел.
Бацюшка нагадаў юнакам і дзяўчатам, што берагчы сваё здароўе – таксама абавязак, у першую чаргу перад сабой і перад сваімі роднымі. Бо ніякія жыццёвыя дасягненні ў плане навукі, матэрыяльнага дабрабыту не суцешаць, калі не будзе здароўя. Моладзь павінна сачыць за сабой, пазбягаць шкодных звычак, займацца спортам.
Закрануў святар і тэму непаразуменняў паміж бацькамі і дзецьмі, нагадаў пра тое, што бацькі ўшчуваюць дзяцей за правіннасці толькі таму, што іх любяць, клапоцяцца пра іх далейшы лёс, стараюцца папярэдзіць ад памылак, наступствы якіх могуць нагадваць пра сябе пасля яшчэ доўгія гады. І таму галоўнае, што павінна быць паміж сямейнікамі – гэта любоў, цярпенне, узаемапавага.
У анатацыі адной з кніг, з шэрагу прапанаваных удзельнікам сустрэчы, рамане Юліі Шаманскай «И пойду искать края…», сказана: «Хто з нас ведае, што будзе заўтра? Хутчэй за ўсё ніхто. Многае ў нашым жыцці адбываецца нечакана, без нашага ведама. Мы не ведаем, што чакае нас за паваротам. Нас займае мноства спраў, якія аднімаюць сілы і здаюцца важнымі…». Святар параіў паміж мноствам спраў і часу на іх патрачанага знайсці час для храма. А гэта ўжо пра абавязак хрысціяніна. І чым болей людзей будзе звяртацца да Бога з малітвай аб сабе, сваёй сям’і і нашай Радзіме, тым больш спадзявання будзе на шчаслівы новы дзень пад мірным небам бацькоўскай зямлі.
Удзельнікамі падзеі сталі прадстаўнікі школ і гімназіі горада, іх настаўнікі Наталля Герасімовіч, Святлана Савасцей і Святлана Бядуля. Айцец Павел выказаў меркаванне, што сёння, магчыма, многія юныя яго слухачы не падзяляюць з ім прыведзеныя довады. Але, як адзначыў святар, прывёўшы да прыкладу словы вядомага пісьменніка Антуана Сент-Экзюперы, «зерне, якое ўпала ў зямлю, ужо перамагло… Але павінен прайсці час, каб надышоў момант урачыстасці ў саспелай пшаніцы», чым выказаў упэўненасць у тым, што спадзяецца на нашу моладзь і іх мудрыя рашэнні, якія яны заўсёды будуць прымаць з адказнасцю перад сабой, сям’ёй і роднай Беларуссю.
Валянціна Шчарбакова, кіраўнік праекта «Узыходжанне»
Фота Кацярыны Фідчук